Александр Ярошук: Независимые профсоюзы должны выстоять

Александр Ярошук: Независимые профсоюзы должны выстоять


Председатель Белорусского конгресса Демократических Профсоюзов Александр Ярошук выступил с заявлением.

– Сёння ўся ўвага прыкавана да ваеннай агрэсіі Расеі ва Украіне, саўдзельнікам якой стала Беларусь. Зусім не выпадкова, таму што напад на суседзяў, вядзенне войнаў – выключная прывілея таталітарных рэжымаў. Як сведчыць гісторыя станаўлення і канца такіх рэжымаў, яна бярэ пачатак і вырастае з вядзення безупынных войнаў супраць грамадзянскай супольнасці сваіх краін, супраць іншадумства, супраць тых, хто не хоча скарыцца, не хоча быць рабом і змагаецца за свабоду і ўласную чалавечую годнасць.
 
– Больш за чвэрць стагоддзя дзейны ў Беларусі рэжым імкнецца знішчыць незалежны прафсаюзны рух. Не спыняюцца ціск, рэпрэсіі, расправы над сябрамі і арганізацыямі незалежных прафсаюзаў, якія ўваходзяць у склад БКДП. Асабліва ўзмацніліся гэтыя працэсы апошнім часам. Толькі тры прыклады. Днямі асуджаны да адміністрацыйнага пакарання на 14-15 сутак намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) Аляксандр Еўдакімчык і юрыст СПМ Ігар Комлік, кіраўнік суполкі Беларускага незалежнага прафсаюза ААТ «Нафтан» Вольга Брыцікава.
 
– Прычыны асуджэння простыя: нашыя таварышы аказаліся  здольнымі на ўчынкі ў абарону чалавечай і грамадзянскай годнасці, чалавечых і грамадзянскіх правоў. Не толькі сваіх, але і ўсіх беларусаў. Скажу проста: мы ганарымся Аляксандрам, Ігарам і Вольгай, як ганарымся тысячамі сябраў незалежных прафсаюзаў, якія знаходзяць у сабе сілы і мужнасць супрастаяць шалёнаму ціску рэпрэсіўнай машыны рэжыму і не пакідаюць нашыя шэрагі.
 
– Па ўсім відаць – з ўцягваннем у ганебную ваенную агрэсію супраць Украіны беларускі рэжым канчаткова аформіў квіток ў адзін канец і паскорыў сваю агонію. Але мы павінны разумець – пакуль яна не наступіць, гэта будзе самы цяжкі для нас час, час самых суворых выпрабаванняў. Мы павінны годна іх перанесці. Хай будуць прыкладам і натхняюць нас на гэта нашыя украінскія браты і сёстры, якія змагаюцца сёння не толькі за сваю, але і за нашую свабоду…