Лукашэнка больш не прадстаўляе Беларусь». Прамова Сьвятланы Ціханоўскай на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН

Лукашэнка больш не прадстаўляе Беларусь». Прамова Сьвятланы Ціханоўскай на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН

Сьвятлана Ціханоўская

Сёньня кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі на апошніх выбарах Сьвятлана Ціханоўская празь відэасувязь выступіла з дакладам на сустрэчы Радзе Бясьпекі ААН. Сустрэча была ініцыяваная Эстоніяй і арганізаваная сябрамі Рады бясьпекі з ЗША і Вялікабрытаніі, а таксама Канады, Даніі, Ісьляндыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі і Ўкраіны. Падаем поўны тэкст прамовы.

«Дзякуй, спадар старшыня,

Сёньня мая краіна, Беларусь, ахопленая хваляваньнямі. Мірных пратэстоўцаў незаконна затрымліваюць, зьбіваюць і саджаюць у турму. Самі пратэсты пачаліся пасьля цынічнай і грубай спробы Лукашэнкі скрасьці галасы людзей.

Патрабаваньні народу простыя: неадкладнае спыненьне гвалту і пагрозаў з боку рэжыму, неадкладнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў і свабодныя і справядлівыя выбары.

Ёсьць толькі адна перашкода для выкананьня гэтых патрабаваньняў. Гэтая перашкода — гэта спадар Лукашэнка, чалавек, які адчайна чапляецца за ўладу і адмаўляецца слухаць свой народ і ўласных дзяржаўных чыноўнікаў.

Народ ня можа і не павінен быць закладнікам прагі да ўлады аднаго чалавека. І ня будзе.

Беларусы прачнуліся. Пункт незвароту пройдзены. Гэта выяўляецца ў цяпер ужо штодзённых дэманстрацыях соцень тысяч людзей па ўсёй Беларусі нягледзячы на жорсткасьць міліцыі і непрыхаваную непавагу да беларускіх законаў і міжнародных нормаў. Гэта выяўляецца ў страйках найбуйнейшых заводаў і дзяржаўных кампаній у Беларусі нягледзячы на запалохваньні, а ў некаторых выпадках незаконныя звальненьні. Гэта выяўляецца ва ўсіх пластах нашага грамадзтва ўсяго палітычнага спэктру, якія патрабуюць адну і тую самую рэч. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі маральна збанкрутаваны, юрыдычна сумнеўны і проста недапушчальны ў вачах нашага народу.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый была створаная як афіцыйны орган усёй міжнароднай супольнасьці з мэтай спрыяньня і заахвочваньня павагі да правоў чалавека і асноўных свабод для ўсіх. У 1945 годзе Беларусь была адной з заснавальніц ААН. Цяпер нам, беларускаму народу, патрэбная дапамога Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, каб спыніць грубыя парушэньні правоў чалавека і цынічную непавагу да чалавечай годнасьці ў цэнтры Эўропы.

Мы просім Арганізацыю Аб’яднаных Нацый асудзіць ужываньне празьмернай сілы беларускімі спэцслужбамі супраць пратэстоўцаў;

мы прапануем склікаць спэцыяльную сэсію Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека для абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі;

мы заклікаем ААН накіраваць у Беларусь неадкладную міжнародную маніторынгавую місію для дакумэнтацыі сытуацыі на месцах;

мы патрабуем дазволу на ўезд і свабоднае перамяшчэньне спэцыяльнаму дакладчыку ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі;

мы патрабуем неадкладнага вызваленьня ўсіх адвольна затрыманых палітзьняволеных, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Паўла Севярынца, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага , Міколы Статкевіча і дзясяткаў іншых арыштаваных лідэраў грамадзянскай супольнасьці;

мы патрабуем спыніць запалохваньне і цкаваньне сяброў Каардынацыйнай рады Сьвятланы Алексіевіч, Вольгі Кавальковай, Паўла Латушкі, Сяргея Дылеўскага, Марыі Калесьнікавай, Максіма Знака і іншых.

Хачу з усёй яснасьцю заявіць. Супрацоўніцтва з рэжымам спадара Лукашэнкі ў гэты момант азначае падтрымку гвалту і грубага парушэньня правоў чалавека. Я заклікаю міжнародную супольнасьць выкарыстаць усе мэханізмы для спыненьня гвалту, у тым ліку санкцыі супраць асоб, якія ўчынілі парушэньні на выбарах і злачынствы супраць чалавечнасьці.

Разам з тым падкрэсьліваю, што Лукашэнка больш не прадстаўляе Беларусь. Беларусы — гэта законапаслухмяныя, мірныя і адказныя людзі з высокім пачуцьцём асабістай і калектыўнай годнасьці, яны дэманструюць гэта кожны дзень, кожны момант за апошнія тыдні. Мы гатовыя і адкрытыя для дыялёгу з усімі бакамі і ўсімі краінамі, якія паважаюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласьць Беларусі.

Дзякуй!»