МОЙ СЯБРА З МТЗ АЛЕГ ГЛАЗКОЎ

Учора быў дзень народзінаў у майго даўняга сябра Алега Глазкова. Лёс звёў нас у Мінскім аўтамеханічным тэхнікуме (цяпер гэта каледж), у групе 192 АТ, у далёкім 1962 годзе. Мы прыехалі ў Мінск з Чэрвеня, я з вёскі, ён — з райцэнтра, з дзіцячага дома.
— Ты з Чэрвеня? — спытаў Алег мяне пры першай сустрэчы. — Нешта я там такіх не бачыў!
Мы маглі, канешне, бачыць адзін аднаго і раней. Алег Глазкоў у Чэрвені быў зоркай. Лыжнік, футбаліст. Я мог таксама лічыцца спарцменам. Нас вывозілі ў кузаве грузавіка на першынство раёна па лыжах таксама. Праўда, нашы лыжы былі больш падобныя на сапсаваныя дошкі з рванымі матузкамі. І мы на іх гераічна пераадольвалі дыстанцыі ў пяць кіламетраў, не разлічваючы на п’едэстал. Мы маглі бачыцца, але заўважыць і запомніць мяне ён не мог.
Выпадковасцю было і тое, што мы трапілі ў адзін інтэрнацкі пакой. Напачатку былі непаразуменні, з-за розных поглядаў на мыццё падлогі. Алега да гэтай побытавай неабходнасці ў дзіцячым доме прывучылі лепш. Але да сварак не даходзіла. Мы паступова здружыліся так, што ўсе наступныя чатыры гады і чатыры месяцы пражылі ў адным пакоі.
Аднойчы яго запрасілі ў Чэрвень на юбілей школы нумар 1. І мы паехалі разам. Я да гэтай школы аніякага дачынення не меў, проста было цікава пабываць у родным райцэнтры. Быў цікавы вечар, завяршыўся ён сярод ночы. Трэба было недзе заначаваць, аб чым мы не думалі.
— А што там думаць? Ідзём к сваім!- — Алег павёў нас у дзіцячы дом. 
Мо я не памятаю, але там не трэба было грукаць у дзверы, угаворваць ахоўніка. Мы адразу апынуліся ў вялікай спальні. Алег катурхнуў аднаго, другога пад бок, адным-двума словамі тлумачыў, што нам трэба легчы. Хлопцы пазнавалі Алега, імгненна перакідваліся на другі ложак. Па спальні пайшла паўсонная пагалоска: «Алег Глазкоў прыехаў». 
Незвычайная гасціннасць, так не ў кожнай сям’і браты сустракаюцца. 
Раніцай мы падняліся з усімі, і ўжо Алег апынуўся ў клубку хлапцоў. Відаць, было, што яго ў тым дзіцячым доме любілі.
Хутка зайшлі цётачкі-выхавацельніцы, і яны таксама радасна віталі госця. Як роднага. Я моўчкі стаяў збоку.
— А гэта хто? — раптам убачыла і мяне цётачка.
Алегу было няёмка гаварыць, што я тут чужы, і ён зманіў.
— Наш, таксама наш.
— Нешта ж я такога не памятаю.- не паверыла цётачка.
— Наш! — цвердзіў Алег. Яго маленькім адсюль у другі дом забралі.
Алег і ў тэхнікуме быў зоркай спорту. Толькі яму знаходзілі лыжы «Эстонія», толькі ў яго быў фартовы лыжны камбінезон. Бо ён і бегаў на тых лыжах хутчэй усіх не толькт ў тэхнікуме. Займаўся ён і футболам у «Дынама», у вядомага футбаліста і трэнера Абрамовіча.
Прафесіяналам у спорце Алег не стаў. Даволі ўдала склалася кар’ера на МТЗ, займаў значную пасаду 
Учора мы гаварылі па тэлефоне, хваліліся, хто з нас колькі кіламетраў накручвае пешкі. Алег па-ранейшаму ў чэмпіёнах.