Ці патрэбна такая слава МТЗ, каб на заводзе супернікаў Лукашэнкі называлі шалудзівымі?

Сваім візітам на Мінскі трактарны завод Аляксандр Лукашэнка не дадаў прадпрыемству славы і наўрад ці прынёс хоць кроплю якой-небудзь карысці.
Былы ідэолаг МТЗ Васіль Тымановіч (ён жа аціраўся пэўны час у заводскіх прафсаюзных структурах у якасці функцыянера) на сайце газеты “Беларус МТЗ обозреніе” ўзгадаў пра візіт Аляксандра Лукашэнкі на МТЗ у 1995 годзе. Тады галоўнай мэтай была выпрацоўка плана фінансавага аздараўлення славутай фірмы. Рэкі эмульсіі выцяклі на станках МТЗ з таго часу, а праблема фінансавага аздараўлення і зараз не вырашана.
За колькасцю выпушчаных трактароў, пошукам новых рынкаў, накірункам на афрыканскія краіны, закупкі яхаваецца дэфіцыт сродкаў.
Паколькі ўбачыць самую свежую інфармацыю з афіцыйных справаздач не ўдалося, то для прыкладу скарыстаем лічбавы фрагмент з 2018 года.Тады чысты прыбытак скараціўся ў 13 разоў. І склаў каля 5 мільёнаў рублёў, а запазычанасць вагалася каля адзнакі ў 500 мільёнаў рублёў. Перавышэнне ў 100 разоў наўрад ці прыносіць спакой і радасць.
У гады маёй маладосці часта можна было пачуць показку: “У Мінску круглымі суткамі працуюць базар, вакзал і трактарны завод”. Якога ражна туды прыляпілі базар, не разумею, а пра МТЗ і чыгуначны вакзал – праўда.
Я пачынаў працу пасля тэхнікума у механічным цэху нумар 4 на трактарным. Тры змены, начная для навічка самая цяжкая, ды і для астатніх нялёгкая. Калі ноччу здараўся перабой і станкі сціхалі – народ участка дружна валіўся на паддоны з дошак, якія былі затоптаны сваімі ж чаравікамі да чарнаты.
У канцы змены чорнымі ад чыгуну былі і рукі, і твары.
Потым была и чысцейшая праца, даслужыўся да пасады тэхнолага ў мех-1.
Пасля двух курсаў журфака ўладкаваўся з аднакурснікамі Валерам Драздовым і Міколам Дымам у рэдакцыю газеты “Трактор”, дзе працаваў год.
Процьма падстаў сачыць за падзеямі на МТЗ, у знак павагі да фірмы і людзей, з якімі сутыкаўся. Пазней было і такое, што ў час рэдагавання газеты “Рабочая солідарность” у прафсаюз АСМ прылятаў ледзь не ўвесь склад прафкама МТЗ (па праўдзе, самая дубаломная яго частка – функцыянеры ад карыта з унёскамі рабочых) з патрабаваннем у самым мяккім варыянце – выгнаць рэдактара, у больш жорсткім – пасадзіць на асінавы кол. Ім рашуча не падабалася крытыка генеральнага дырэктара Міхаіла Лявонава. Да гонару гэтых баявых прафсаюзнікаў, яны абаранялі Лявонава і тады, калі яго па загаду Лукашэнкі ўпяклі за краты – надоўга..
І вось нашы дні. Трактарны завод першым радком у парадку дня. Туды прыехаў самы галоўны начальнік краіны. Інфармацыйны батальён Аляксандра Лукашэнкі заходзіцца ад шчасця. Паведамляе, што  на заводзе для іх напяклі пернікаў з бульбай і капустай.
На тле гэтага пачастунку для прапагандыстаў Аляксандр Лукашэнка баіць  байкі пра галодны Захад, дзе людзі здзічэлі і згаладалі без працы, барабаняць у пустыя рондэлі. Гэта пры тым, што Аляксандра Лукашэнку, па ягоных жа словах, вучылі са школы: “Не мані!” Відаць, у нас з ім рознае разуменне аб праўдзе і мане.
Склалася ўражанне, што высокі госць наведаў трактарны завод, каб даць умоўны знак сваёй шматлікай чэлядзі, як паводзіць сябе ў дні выбарчай кампаніі. Каго аблашчыць, каго выпэцкаць, каго “жэстачайшэ, на нары!” Звыкла называем яе выбарчай, хаця разумеем, што ў ёй больш прыкмет ад цырку, чым ад сапраўдных выбараў.
Так, на былога свайго памочніка Валерыя Цапкалу павешаны ярлык, пакуль з таямнічым зместам, атрымоўваецца, што злачынцы. Маўляў, калі распавядзём, чаму яго звольнілі з Парка высокіх тэхналогій, то ён змоўкне і забудзецца пра жаданне ўдзельнічаць у выбарах.
Бабарыка няхай лепш шукае працу.
Блогер Сяргей Ціханоўскі заслужыў ад Аляксандра Лукашэнкі тытул “Шалудзівага”. Лексіку падваротняў ён, відаць, асабліва любіць, бо ўжывае даволі часта, каб зневажаць трапіўшых у няміласць.
Інфармацыйны батальён, наеўшыся пернікаў у бульбай і капустай, абмяжоўваўся кароткімі пстрычкамі аб сустрэчы ў Тэлеграм-канале.
Прагучала загадкавая пахвала жанчын. Маўляў, яны ціха збіраюць подпісы за вылучэнне ў кандыдаты , ціха і эфектыўней, чым тыя мужыкі, што піярацца ў Сеціве. Паверыць у тое, што можна збіраць подпісы ціха, немагчыма. Для гэтага трэба быць альбо самім Аляксандрам Лукашэнка з арміямі вертыкальных служак, альбо карыстацца нейкай дапамогай ад ягоных структур.
Каму выпала такая ўзнагарода? Ну, канешне ж, не Ціханоўскай, Тут адразу пасля прысваення тытула “Шалудзівага” ў Гародні адбылася прыкрая правакацыя, у чым мала сумневаў, і па камандзе блогера нанесены паліцэйскі ўдар з арыштамі і таўкатнёй..
Застаюцца ў спісе яшчэ  некаторыя жанчыны. Канапацкая, напрыклад, ва ўнісон з Эйсмант называла лад жыцця ў Беларусі дыктатурай, чым надзвычайна ганаыцца, бо лічыць свій выраз смеласцю.
Мы з учарашняга дня маглі ўбачыць, што спакою пад час выбарчага цыркавога спектаклю не будзе. Што гэта дасць? Дасць тое, што захочам узяць.
Мікалай Галко